Monthly Archives: August 2020

Сардэчна і шчыра адзначылі свята вёскі Марчанкі на ўсходзе Гарадоччыны

Цёплым жнівеньскім днём на ўпрыгожанай сонечнай пляцоўцы адбылося свята в. Марчанкі. Жыхары і госці, маладое пакаленне і дзеткі — усе з радасцю сабраліся на канцэрт мастацкай самадзейнасці, некаторыя прыйшлі з кветкамі. Сяброўская атмасфера ўвесь дзень панавала ў гэтым месцы!

Завітала на гэтае мерапрыемства і старшыня Гарадоцкага раённага Савета дэпутатаў Святлана Зуева. Яна павіншавала прысутных са святам і падзякавала жыхарам, за працавітасць, чысціню на падворках, суседскую шчырасць і узаемападтрымку. Таксама з яе рук Падзячнае пісьмо райсавета дэпутатаў атрымала Ларыса Краўцова, старэйшына вёскі і загадчыца філіяла Марчанскага клуба-бібліятэкі за шматгадовую адданую творчую і грамадскую працу на карысць раёна.
Пра свой родны край, маленькую кропку на карце з даўнімі традыцыямі і шматгадовай гісторыяй, расказалі маладыя вядучыя ў нацыянальных строях Анастасія Герасіменка і Анжэла Данілава. Яны адзначылі, што ўзнікла в. Марчанкі некалькі стагоддзяў назад. Паводле матэрыялаў Віцебскага дзяржаўнага архіва першыя звесткі пра гэтыя жывапісныя землі датуюцца 1785 г. Таму сёлетні год можна ўпэўнена прымеркаваць да 235-гадовага дня нараджэння вёскі.


Дзякуючы выступам таленавітага вакальнага калектыву «Зачараванне» Вархоўскага СДК, салістак Алены Пагіба і Таццяны Раевай з Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці, на канцэрце прагучалі мілагучныя песні, шчодра адораныя апладысментамі. Бадзёры матыў дуэта гарманістаў У. Шакуцёва і А. Шандаеўскага заклікаў усіх жадаючых патанчыць пад адкрытым небам.
Дружна віталі тых, хто пакінуў свой след у гісторыі вёскі, самааддана працаваў на роднай зямлі і выгадаваў добрых, сумленных дзяцей. Шчырыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас сямей Леаненка, Марковіч, Жоравых, Цітовых і інш.
Трэба адзначыць, што перад пачаткам святкавання жыхары прыбралі свае падворкі, гаспадыні з імпэтам завіхаліся на кухні, каб пачаставаць усіх сваімі фірменнымі стравамі, уласнай гароднінай і ягадамі. Прыцягвалі ўвагу выставы самаробных дыванкоў, вышывак Л. Жоравай, іконы з бісеру і страз, папяровыя вырабы ручной работы таленавітых майстроў Людмілы і Анатоля Івановых.
Руплівых гаспадынь, якія старанна ўпрыгожваюць штогод тэрыторыі каля дамоў і радуюць аднавяскоўцаў прыгажосцю і мноствам кветак, таксама адзначылі. В. а. старшыні Езярышчанскага сельвыканкама Раман Колца разам з Ларысай Краўцовай узнагародзілі граматамі Раісу Гарбаценка, Лідзію Шаршнёву, Наталлю Марковіч і Людмілу Іванову за ўзорны парадак на прысядзібных участках і эстэтыку. Адзначылі ўзнагародай і духмяным караваем самую лепшую сям’ю — Людмілу і Віктара Жоравых, заслужаную «гаспадыню» вуліцы Маладзёжнай — Тамару Цітову, бо яна жыве тут з самага дзяцінства. Словы падзякі прагучалі ў адрас загадчыка Марчанскага фельчарска-акушэрскага пункта Наталлі Юрзовай, якая клапоціцца пра здароўе мясцовых жыхароў.
Раман Колца напрыканцы святочнай праграмы звярнуўся да прысутных:
— Марчанкі — адметная мясціна на карце Гарадоцкага краю. Тут нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Ц.Ц. Рамашкін, у ваенныя гады байцы і насельніцтва баранілі свой родны кут. А пасля, дзякуючы самааданным, працавітым людзям, тут доўгі час дзейнічаў перадавы калгас. Сёння я жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту і радасці кожны дзень. Няхай гучная песня гармоніка ніколі не змоўкне ў вашым мястэчку!

Юлія ПРЫШЧЭПА

http://www.garadvest.by