Daily Archives: 01.04.2020

Дзякуючы Гарадоцкаму дому рамёстваў і фальклору мастацтва ажурнага ткацтва плённа развіваецца на Віцебшчыне

У гэтай жанчыне спалучаюцца адразу некалькі станоўчых якасцяў: дабрыня, шчырасць, мэтанакіраванасць і самае галоўнае — працавітасць, дзякуючы якім, яна дасягнула ў жыцці значных вынікаў. Кажуць, што таленавіты чалавек праяўляе свае таленты ва ўсім. З гэтым нельга не пагадзіцца! Наша гаворка пойдзе пра Марыну Гушча — майстра ткацтва ручнікоў і габеленаў, загадчыка Гарадоцкага філіяла «Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору» Цэнтра традыцыйнай культуры, якая больш за 30 гадоў прысвяціла сябе творчасці.

 

— Родам я з г. Крычава Магілёўскай вобласці, — кажа Марына Гушча. — Мой дзядуля Георгій Кузьміч быў мастаком-самавучкам і выдатна маляваў копіі карцін Івана Шышкіна, а бабуля Вольга Іванаўна шмат вязала і вышывала. Яны навучылі мяне шанаваць і любіць мастацтва, з дзяцінства прывілі любоў да яго. Лічу, што творчыя навыкі перадаліся мне менавіта ад родных.
Па словах Марыны Леанідаўны, яна вельмі падобная на сваю бабулю, якая была актыўная і валявая жанчына і таксама ўсім сэрцам і душой любіла сваю Радзіму.
Пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта ВДУ ім. П.М. Машэрава, разам з мужам Пятром ў 1989 г. Марына прыехала жыць і працаваць ў г. Гарадок.
Марына Гушча была першым кіраўніком народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў «Вытокі», а пасля стала працаваць майстрам у Гарадоцкім Доме рамёстваў і фальклору. На сённяшні дзень яна ўжо больш за пяць гадоў з’яўляецца яго загадчыкам.
Доўгі час майстар займаецца ажурным ткацтвам, унікальным відам беларускай народнай творчасці, якое ў 2013 г. атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі.

http://www.garadvest.by/wp-content/uploads/2020/03/2-2.jpg
— Ва ўніверсітэце я асвоіла маляванне, жывапіс, розныя віды рамёстваў і інш. Калі прыйшоў час выбара, на якую тэму пісаць дыпломную працу, то без сумнення абрала менавіта ткацтва габеленаў, як быццам яшчэ загадзя адчувала, што звяжу сваё жыццё з гэтым рамяством, — прызнаецца Марына Леанідаўна.
— Пасля заканчэння курсаў па ткацтву, я стала больш падрабязна вывучаць усе яго віды. Ажурнае ткацтва мне адразу спадабалася. Гэты рэдкі від я вырашыла адрадзіць у нашым рэгіёне.
Вялікая праца была праведзена па аднаўленні традыцыйнай тэхналогіі ажурнага ткацтва: фальклорныя экспедыцыі, прачытванне спецыялізаваных кніг, пошук людзей, якія маглі б распавесці аб дадзеным відзе ткацтва. Дзякуючы папярэдняму дырэктару Дома рамёстваў і фальклору Кацярыне Уверскай, яна змагла адрадзіць ажурнае ткацтва на тэрыторыі Гарадоччыны.
— Я наведала шмат вёсак нашага раёна, збірала інфармацыю ў мясцовых жыхароў. Больш за ўсё мне спадабалася тое, што вяскоўцы заўсёды сустракалі з цеплынёй и былі вельмі адкрытыя, спагадлівыя, гатовыя дапамагчы, — успамінае Марына Леанідаўна. — Мне прыемна ўсведамляць, што людзі нам з даверам аддавалі старадаўнія ручнікі, якія ім засталіся ад продкаў. Цяпер гэтыя прыгожыя вырабы захоўваюцца ў фондах краязнаўчага музею і нашага Дома рамёстваў і фальклору. Мы іх зберагаем, бо гэта каштоўныя нацыянальныя скарбы.
Ручнікі, выкананыя па мясцовых этнаграфічных узорах, з’яўляюцца асноўнай асаблівасцю творчасці майстра. Кожны знойдзены ўзор ткацтва дакладна вывучаны і распрацаваны ёю.
Жанчына асвоіла каля 9 відаў ткацтва: бранае, ажурнае, пераборнае, фактурнае, выбарнае, фактурна-ажурнае і г. д. Яна стварыла багатую калекцыю ручнікоў, якія вядомы зараз не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Так, у 2007 г. М. Гушча знаходзілася ў складзе дэлегацыі і прадстаўляла самабытнае мастацтва ў Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэле.
Самы доўгі ручнік, які выткала майстар, дасягаў больш за тры метры ў даўжыню. Вырабы ажурнага ткацтва зроблены з белых альбо шэрых ільняных нітак. Яны складаюцца з чаргавання квадратаў і трохкутнікаў розных памераў. Народныя ажурныя тканіны прыцягваюць сваёй сціплай вытанчанай прыгажосцю і тонкасцю выканання.
У гэтым годзе Марына Гушча атрымала Прэзідэнцкі грант на рэалізацыю праэкта па развіццю тэхналогіі ажурнага ткацтва Гарадоцкага раёна. Пад пільным кіраўніцтвам майстра зараз актыўна вядуцца работы па стварэнні вялікай калекцыі ручнікоў.
Свае навыкі кіраўнік гуртка па ткацтву актыўна перадае майстрам не толькі раёна і вобласці, але і ўсёй рэспубліцы ў цэлым, а таксама дзецям і моладзі, дэманструе ўнікальнае рамяство на вялікіх выставах і святах.
Марына Леанідаўна не раз з’яўлялася пераможцам конкурсу ткацтва, які праходзіў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянкі базар у Віцебску» у намінацыі «Ткацтва ручніка». На 1-м абласным свяце-конкурсе ткацтва «Матчыны кросны» ёй была прысуджана 1-я Прэмія абласнога агляду прафесійнага майстэрства ў намінацыі «Адраджэнне традыцыйнай культуры». У 2005 г. яна атрымала творчую стыпендыю Міністэрства культуры за адраджэнне тэхналогіі ткацтва ручнікоў. Акрамя таго, ёй было прысвоена званне «Чалавек года культуры» у намінацыі «Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Яна ўваходзіць у склад Беларускага Саюза майстроў народной творчасці, была занесена на раённую Дошку гонару і з’яўляецца народным майстрам Рэспублікі Беларусь. У гэтым годзе жанчына атрымала нагрудны знак «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».
— Я люблю тое, чым займаюся, а калі любіш, тады і робіцца ўсё гэта з радасцю і лёгкасцю. Шмат гадоў працаваўшы ў сферы народнай творчасці, я заўсёды дакладна ведала, чаго хачу без усялякіх сумненняў і ўпэўнена ішла да сваёй мэты. Я ніколі не імкнуся да першых месц у конкурсах, а заўсёды раблю сваю працу з любоўю. Усе ўзнагароды — гэта не толькі мае дасягненні, але і майго калектыву. Дзякуючы сумеснай працы, іх падтрымцы і згуртаванасці, наш Дом рамёстваў і фальклору тройчы станавіўся лепшым у Віцебскай вобласці, — падкрэслівае Марына Гушча.

Майя САЛДАЦЕНКА

http://www.garadvest.by