Monthly Archives: January 2020

Прамысловы турызм: майстры раскрываюць свае сакрэты

Прамысловы турызм у Беларусі

Экскурсія на завод БЕЛАЗ: насустрач самым вялікім самазвалам у свеце

Экскурсія на завод «Галантэя»: усё, што трэба жаночай душы

Coca-Cola: знаёмімся з гісторыяй легендарнага напоя

Экскурсія на бровар «Лідскае»

Хлебазавод №6: сакрэты выпечкі хлеба

Кандытарская фабрыка «Спартак»: водар шакаладу, які так і дражніць

Тураўскі малочны камбінат: італьянскі сыр па-беларуску

«Малочны свет»: тут вырабляюць сапраўднае малако

«Нёман»: тут ажывае шкло

«Слуцкія паясы»: захоўваючы традыцыі Беларусі

Прамысловы турызм у Беларусі: спіс папаўняецца

https://vetliva.by

На Гарадоччыне варта памятаць ахвяраў Галакосту, бо гэта наша гісторыя

27 студзеня ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту.  Менавіта ў гэты дзень 75 гадоў таму быў вызвалены польскі горад Аўшвіц (Асвенцым) і тры канцэнтрацыйных лагера каля яго. З 1 лістапада  2005 года дзень вызвалення канцлагераў Аўшвіца Біркенаў па рашэнню Генеральнай Асамблеі ААН па прапанове 90 краінаў  стаў Днём памяці ахвяраў Галакоста.

Галакост – гэта дзяржаўная палітыка нацыскай Нямеччыны па пераследу і зьнішчэнню габрэяў ў пэрыяд нямецкай акупацыі еўрапейскіх краінаў пад час Другой сусветнай вайны. Гэтая антычалавечая палітыка фашыстаў ажыцяўлялася і на тэрыторыі Беларусі. Паводле зьвестак большасьці навуковых крыніцаў, на тэрыторыі нашай краіны загінула прыкладна ад 600 да 800 тысячаў габрэяў.

Палітыка Галакосту непасрэдна праводзілася і ў Гарадку, дзе да вайны большасць насельніцтва складалі габрэі. Найбольш трагічныя падзеі Галакосту ў нашым мястэчку звязаны з растрэлам мужчын габрэяў каля в. Бярозаўка напрыканцы лета і знішчэнне насельнікаў гета да свята Пакрова ў Вараб’ёвых гарах. Дзякуючы працы супрацоўнікаў Гарадоцкага краязнаўчага музея і найперш Садоўскай С.І. на старонках кнігі “Памяць”  апісана трагедыя Галакосту ў дачыненні да нашых гарадоцкіх габрэяў  праз іх знішчэнне ў 1941 годзе. Таксама ў кнізе прыводзіцца пералік 105 мужчын габрэяў растраляных за Бярозаўкай і спіс з 346 чалавек знішчаных у Вараб’ёвых гарах. Але адзначаецца, што забітых было больш і зараз цяжка устанавіць дакладную лічбу.

У памяць тых трагічных падзей на месцах знішчэння габрэяў з Гарадка ўсталяваны  помнікі.  І да сёняшніх часоў нашчадкі гарадоцкіх габрэяў, якіх жыццё раскідала  па ўсяму свету, лічаць неабходным ушаноўваваць памяць сваіх родзічаў,  наведваючы месца іх знішчэння.

Толькі да сёняшняга дня няма мемарыяльнага знака на месцы гарадоцкага гета,  размешчаным тады каля вуліцы Інтэрнацыянаянальнай, напрыканцы вуліцы Чырвонаармейскай  да ракі Гаражанка і абнесеным калючым дротам, адкуль пачаўся  апошні шлях большасці мясцовых габрэяў. Таксама была невядома і дата знішчэння габрэяў у Вараб’ёвых гарах.

Высветліць дату ліквідацыі гета ў Гарадку ў Ніны Сяргеяўны  Сянчуры, нашай знакамітай зямлячкі, якая у той час была 12-гадовай дзяўчынкай, мне параіла Т.М. Іванова, дырэктар Гарадоцкага краязнаўчага музея. І вось на прыканцы мінулага года я завітаў у госці да Ніны Сяргеяўны і Ўладзіміра Віктаравіча, каб спачатку распытаць пра габрэйскую гісторыю 1941 года, а потым запісаць на відэа сведчанні відавочцы тых трагічных падзей.

Ніна Сяргеяўна даволі падрабязна распавяла пра сваё жыццё ў даваенным Гарадку, дзе набыў дом яе бацька, калі трэба было пераехаць з в. Сянчуры Маскаленяцкага сельсавета. Таксама яна распавяла і пра пачатак вайны 22 чэрвеня ў Гарадку, і пра з’яўленне немцаў у райцэнтры і іх дзеянні.

Вельмі цікавым была яе апавяданне пра не вяртанне суседа Зямы Меерзона з працы на чыгуначнай станцыі, а таксама сведчанне іх суседа Івана Логінава, які бачыў растрэл габрэяў за Бярозаўкай.

Непасрэдна пра дату  ліквідацыі гета Ніна Сянчура сказала наступнае: “Это произошло 1 октября. В этот день в 1941  году после первых морозов выпал снег. Я пришла к соседке и увидела, как полицаи выгоняли из здания для летчиков евреев. Выстроили в длинную колонну и повели по улице Красноармейской в сторону деревни Волкова. А двое оставшихся полицейских нашли в прикрытой яме евреев: старика и старуху и посадили в подъехавшую телегу. Потом в здании летчиков вытащили чумазого от сажи подростка еврея, который прятался в печи, и повезли всех в сторону Воробьевых гор.”

Нашы нашчадкі будуць памятаць нас па той гісторыі, якую мы пакінем. А мы мусім пасля сябе захаваць памяць пра трагедыю габрэяў нашага Гарадка ў мемарыяльным знаку з прозвішчамі і імёнамі габрэяў, якія пайшлі ў апошні шлях у Вараб’ёвы горы.

Леанід Гаравы, краязнаўца

Гарадоцкая традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусі

Гэты год у Гарадоцкім доме рамёстваў і фальклору пачаўся з добрых падзей: не толькі тэхніка ажурнага ткацтва занесена ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, але і традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення.

У Мінску 15 студзеня адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны. Удзел у ім прыняла загадчык Гарадоцкага Дома рамёстваў і фальклору Марына Гушча. На мерапрыемстве народны майстар Беларусі Васіль Сіманковіч прадставіў традыцыйную тэхналогію спіральнага пляцення Віцебскай вобласці.
Спіральнае пляценне Гарадоцкага раёна — традыцыйнае беларускае рамяство, якое дасягае высокага мастацкага ўзроўню, займае пачэснае месца сярод аналагічных тэхналогій, якія распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі. Рамяство даволі старажытнае, кардынальных змяненняў у сваіх вырабах амаль не зазнала, але дапоўнілася лінейкай сувенірных вырабаў, якія даволі папулярныя сярод замежных турыстаў і гасцей.
На сённяшні момант у філіяле «Дом рамёстваў і фальклору» ДУК «Цэнтр традыцыйнай культуры і народнай творчасці» Гарадоцкага раёна праходзяць заняткі, на якіх навучаць тэхніцы спіральнага пляцення. Добрай традыцыяй стала правядзенне раённага конкурсу па традыцыйнаму рамяству, які называецца «Саламяны сусвет».
Майстры Васіль Сіманковіч і Людміла Гаравая на працягу многіх гадоў займаюцца вывучэннем традыцыйнай тэхналогіі спіральнага пляцення нашага рэгіёна. І пераймаюць традыцыі, якія звязаны з народным побытам і паўсядзённым жыццём у вёсцы.
— Гарадоцкія майстры з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі ўсіх раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і некаторых міжнародных праектаў, падчас якіх абменьваюцца вопытам і напрацоўкамі,- кажа Марына Гушча. — Пераемнікі рамяства будуць і далей у ім практыкавацца, спрыяць яго распаўсюджванню, прымаць актыўны ўдзел у выставах, конкурсах і майстар-класах.
Тэхналогія спіральнага пляцення яскрава характарызуе гістарычны і этнаграфічны ландшафт Гарадоцкага раёна. Уключэнне элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення Віцебскай вобласці» паспрыяе яе захаванню і перадачы наступным пакаленням. А таксама дасць магчымасць папулярызаваць мясцовыя рамёствы, культуру і традыцыі.

Майя САЛДАЦЕНКА.

http://www.garadvest.by

7 месцаў Гродна, дзе пабачыш савецкае манументальнае мастацтва

Савецкая забудова Гродна па-за цэнтрам горада не часта вылучаецца архітэктурнай разнастайнасцю. Шукаць там сюрпрызы мала хто збярэцца. А дарма! Часта на сціплых будынках дзіцячых садкоў ці на прымітыўных карпусах савецкіх заводаў можна пабачыць выбітныя творы дэкаратыўнага мастацтва.

Hrodna.life сабраў некалькі прыкладаў гродзенскіх мазаік і пано эпохі савецкага мадэрнізму. Большая частка значных узораў знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы горада.

Чаму мазаіка стала папулярнай?

Шырокую дарогу манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву СССР адкрыў заняпад стылю сталінскай неакласікі ў 50-х гадах XX стагоддзя. Знакамітая хрушчоўская барацьба з празмернасцямі ў архітэктуры стала каталізатарам новых прарываў у галіне дэкору. Справа ў тым, што мазаікі і скульптурныя пано не патрапілі пад забарону і сталі выдатным спосабам усё ж такі дадаць будынку прыгажосці, не парушаючы забароны.

Па матывах сюррэалізму – дзіцячы садок №62

Карпусы дзіцячага сада ўпрыгожваюць два мазаічныя пано, выкананыя на рэльефнай паверхні. Гэта нярэдкі прыём для савецкіх мастакоў-манументалістаў. Спачатку на дэкарыруемай паверхні з’яўляліся рэльефы. У некаторых выпадках гэта былі даволі складаныя скульптурныя выявы. Затым рэльеф абкладаўся мазаікай.

mazaiki-grodna-11.jpg

Кампазіцыі на сценах дзіцячага садка сваімі выгнутымі мудрагелістымі формамі выклікаюць у памяці творы ў стылі сюррэалізму, у прыватнасці, карціны знакамітага Сальвадора Далі. Канешне, гэтыя пано далёка не такія складаныя і мудрагелістыя, як лепшыя працы вялікіх сюррэалістаў, але ўсё ж гэта яркія і кідкія малюнкi, якія прыцягваюць увагу.

mazaiki-grodna-10.jpg

Корпус універсітэта Янкі Купалы на Гаспадарчай – пейзажы у стылі японскіх майстроў

Тут прадстаўлена спрэс пазбаўленая энергіі барацьбы за светлую савецкую будучыню пейзажная кампазіцыя. Ніякіх рабочых і калгасніц, а проста прыемная прырода з пераважна спакойнымі танамі.

mazaiki-grodna-9.jpg

Ніякага лішняга пафасу. Міратворная і выдатная праца, якая чымсьці нагадвае карціны японскіх майстроў.

Авангард, блізкі да кубізму – дзіцячы садок №54

Добры прыклад таго, што савецкае мастацтва – гэта не толькі сацрэалізм. Пано дзіцячага сада №54 уяўляюць выдатныя авангардысцкія кампазіцыі, блізкія кубізму. Мазаікі выкананы на добрым тэхнічным узроўні.

mazaiki-grodna-1.jpg

Колеравая гама вельмі прыемная, а персанажы быццам прасякнутыя святлом, што дадае карцінам казачнасці. Асабліва добры «спячы леў», які заносіць лапу над «лятучай рыбай».

mazaiki-grodna-2.jpg

Малевіч ці Кандзінскі? Хто натхніў на мазайку садка №67

Пано з заходняга боку фасада ўяўляе сабой цудоўны ўзор авангардызму. Тут і знарочысты прымітывізм, і стылістыка кубізму, і яркія колеры.

mazaiki-grodna-4.jpg

Мазаіка трохі нагадвае палатно «Дзяўчына перад люстэркам», пэндзля вялікага мастака і бацькі кубізму Пабла Пікаса. Што тычыцца пано з усходняга боку, то і яно вельмі цікавае. Гэта абстрактная кампазіцыя, вельмі непадобная да характэрнага для СССР сацрэалізму.

mazaiki-grodna-8.jpg

Зрэшты, варта адзначыць, што менавіта з СССР выйшлі многія вялікія мастакі абстракцыяністы, да прыкладу, Казімір Малевіч і Васіль Кандзінскі. Дарэчы, гродзенская абстрактная мазаіка гэтага садка даволі моцна нагадвае менавіта творчасць Кандзінскага.

Сграфiта на «Кароне» – пафас сацрэалізму

Дзве выявы ў карычневых танах, выкананыя ў тэхніцы сграфiта на фасадах былога прадзільна-нітачнага камбіната (цяпер рынак «Карона») уяўляюць сабой сацрэалізм, імпульсіўны і перапоўнены пафасам. Гэта праўдзівыя манументальныя кампазіцыі. Дынаміка пано падкрэслівае стваральную моц цэнтральных алегарычных фігур, якія асацыююцца з савецкімі працаўнікамі. Галоўныя персанажы намаляваныя магутнымі і ўладнымі ды нагадваюць нейкіх міфічных герояў са звышнатуральнымі здольнасцямі.

mazaiki-grodna-6.jpg

Увасабляючы сабой цэлую краіну і яе прыродныя багацці, героі ствараюць светлую будучыню: волат збірае ў далонь зоркі, а жанчына, нібы багіня ўрадлівасці, быццам пры дапамозе чараўніцтва, прама з паветра, атрымлівае плады ўраджаю. Прыкметна і спроба паказаць нацыянальныя матывы, змясціўшы ў кампазіцыю буслоў.

Гэтыя выявы «Песня аб Нёмане» і «Зямля Беларуская». Яны з’явіліся на адміністратыўным корпусе Гродзенскага прадзільна-нітачнага аб’яднання ў 1978 годзе. Аўтары працы – мастак Сяргей Палякоў і тагачасны галоўны архітэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Аляксандр Кузняцоў. Гэта вельмі стыльныя працы, якія выдатна адлюстравалі ідэалогію эпохі.

Як і многія іншыя творы савецкіх дэкаратараў, гэтыя велізарныя выявы ў значнай ступені закрытыя пасаджанымі амаль упрытык дрэвамі.

Пано «Навука» – сацрэалізм з чалавечым тварам

Знакамітая праца знаходзіцца на рагу вуліц Ажэшкі і Леніна ад 1975 года. Пано выканана ў стылі сацрэалізму. Пры гэтым у ім няма празмернага пафасу будаўнікоў камуністычнага раю. Большасць персанажаў – спакойныя навукоўцы, якія займаюцца сваімі справамі. Дынаміку ў кампазіцыю ўносіць цэнтральная фігура, якая сімвалізуе, уласна, саму навуку. Раскрытая кніга ў яе руцэ азарае прамянямі ведаў прастору пано.

mazaiki-grodna-5.jpg

Сярод бетонных постацяў маецца і Францыск Скарына, якога аўтары змясцілі сюды, каб дадаць у кампазіцыю нацыянальны беларускі штрых. Такі, больш спакойны, сацрэалізм з «чалавечым тварам» вельмі прыемны нават цяпер.

Пано на «Радыёхвалі» – сацрэалізм у лепшым выглядзе

Найбуйнейшы ўзор савецкай мазаікі ў Гродне і адзін з найбуйнейшых у краіне. Файны прыклад сацрэалізму з усімі яго характэрнымі атрыбутамі.

Мазаіку стварылі гродзенскія мастакі і скульптары Анатоль Салятыцкі, Анатоль Гаршкавоз, Уладзімір Церабун і Генадзь Буралкін.

mazaiki-grodna-7.jpg

У масштабным пано знайшлося месца і пафасу персанажаў, і іх атрыбутыцы, уключаючы розную зброю, і савецкай дзяржаўнай сімволіцы ў выглядзе зоркі і сярпа з молатам. Колеравую гаму для савецкіх людзей аўтары выбралі ў характэрных чырвоных адценнях.

Выявы ўсіх персанажаў прыкладна роўныя па памеры. У адрозненні ад пано на фасадзе прадзільна-нітачнага камбіната, тут няма алегарычных фігур-супергерояў. Усе персанажы – гэта простыя савецкія людзі, якія будавалі краіну ў мірныя і ваенныя гады.

Мазаіка мае нямала агульнага са знакамітым трыпціхам «Зямля» ў Берасцi, і хоць значна саступае брэсцкай працы па колькасці персанажаў, затое размешчана выключна ўдала. Корпус з пано стаіць на ўзвышшы і бачны здалёк.

Гэта вельмі цікавы ўзор савецкага манументальна-дэкаратыўнага мастацтва самага высокага ўзроўню.

Дэкаратыўны бум сацлагера: цікава для заходніх турыстаў

Многія галоўныя фасады тыповых дамоў выглядалі проста жахліва. Пры гэтым тарцы таго ж будынка маглі быць упрыгожанымі выдатнай па складанасці і маштабу мазаікай. Уражваў і размах дэкаратыўнага буму. Ён захапіў не толькі сталіцы і буйныя гарады саюзных рэспублік. Выбітныя прыклады манументальна-дэкаратыўнага мастацтва можна было сустрэць нават у глыбокай правінцыі.

На Захадзе ў гэты ж час мода на мазаіку не атрымала шырокай папулярнасці. Мазаічныя пано былі створаны, да прыкладу, у метро Нью-Ёрку, але маштабам і манументальнасцю твораў дэкаратары з сацыялістыснага лагера значна пераўзыходзілі заходніх калегаў. Менавіта таму савецкія мазаікі карыстаюцца такой папулярнасцю ў замежных мастацтвазнаўцаў і простых турыстаў.

Агледзеўшы калекцыю гродзенскіх дэкаратыўных пано, можна пабачыць, што ў ёй ёсць вельмі розныя творы мастацтва:, ад сацрэалізму да авангарду і ад невялікіх фарматаў да каласальнага пано «Радыёхвалі». Гэтыя цудоўныя працы атрымліваюць мала ўвагі, але, безумоўна, заслугоўваюць папулярызацыі.

https://planetabelarus.by